top of page

Сачыненне да конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей”

Справа для кожнага

     

     З заходняга акна маёй кватэры на самым даляглядзе можна ўбачыць высокую гару з пляскатаю вяршыняю, якая знаходзiцца недалёка ад горада.

   Нягледзячы на тое, што да яе некалькi дзясяткаў кiламетраў, яе вельмi добра бачна, дзякуючы яе памерам. Здалёк можа здацца, што гэта гара звычайнага пяску, але гэта не так. Гэта гара – месца, куды трапляе смецце пасля таго, як вы кладзяце яго ў кантэйнер на спецыяльнай пляцоўцы або ў бак на вулiцы. Раней гэтай гары не было бачна за высокiмi дрэвамi, што раслi праз дарогу. Але iх давялося ссекчы, каб пабудаваць дамы. Яшчэ побач з нашым домам iдзе шырокая веласiпедная дарожка, якую вельмi любяць дзецi. Раней на месцы адной з яе частак была канава, дзе ўвесну жылi качкi i квакалi жабы. На дрэўцах, якiя раслi ўздоўж канавы, будавалi свае гнёзды салаўi.

     Людзям даводзiцца высякаць  дрэвы, закапваць канавы i будаваць дамы i дарогi. Iнакш, дзе мы ўсе будзем жыць i як будзем дабiрацца дадому?

Чалавек дрэнна ўздзейнiчае на навакольнае асяроддзе, але гэтую шкоду трэба пастарацца мiнiмiзаваць. I кожны чалавек са свайго боку можа дапамагчы тым, чым можа. Калi кожны зробiць хоць трохi, свет будзе лепшым, бо на зямлi вельмi шмат людзей.

Напрыклад, у кожнага ёсць магчымасць сартыраваць смецце. Вы здзiвiцеся, калi ўбачыце, колькi пластмасы вы выкiдваеце кожны дзень. А ў нашай краiне пераапрацоўваюць чатыры з шасцi найбольш распаўсюджаных вiдаў пластыка. Я сартырую смецце ўжо даўно, але нядаўна ў нас з'явiлicя спецыяльныя кантэйнеры, i рабiць гэта стала зручней.

     Калi ў вас дома ёсць электронiка, то i разраджаныя батарэйкi. Калi нельга зарадзiць, то застаецца толькi выкiнуць iх, але гэта небяспечнае смецце. Нягледзячы на свой маленькi памер, адна батарэйка атручвае глебу на адзiн метр у глыбiню. Таксама небяспечнымi з'яўляюцца iртутныя лямпы, у якiх ёсць пара атрутнага металу. Для гэтага i iншага смецця iснуюць спецыяльныя кантэйнеры, у якiя я заўсёды выкiдваю падобныя рэчы.

     Ну i, вядома ж, макулатура. Яе збiрае большасць людзей, у тым лiку i я. Вядома, дрэвы з'яўляюцца рэсурсам, якi аднаўляецца, але iм патрабуецца шмат часу, каб вырасцi i замянiць сабою тыя дрэвы, якiя знішчыў чалавек.

    Дрэвы можна не толькi ратаваць, іх можна вырошчваць. У тым годзе мы з сястрою пасадзiлi насенне клёна. Яе клён загiнуў праз тыдзень, а мой пражыў амаль год. Ён не змог перажыць зiму. У наступны раз пасаджу сасну. Я спадзяюся, што змагу высадзiць яе ў зямлю ў лесе або побач з домам.

    Дом, у якiм я жыву, стаiць побач з лесам. Гэта заказнiк "Прылепскi", якi быў створаны ў 2000 годзе. Тут расце шмат рэдкiх раслiн i жывуць жывёлы, занесеныя ў Чырвоную Кнiгу. Па гэтым лесе любяць гуляць жанчыны з маленькiмi дзецьмi, людзi з сабакамi i веласiпедысты. Але не ўсе разумеюць, што ў лесе яны знаходзяцца ў гасцях. Некаторыя пакiдаюць пасля сябе смецце i папялiшчы. Яны таксама маглi б дапамагчы лесу, людзям i сабе, калi б не рабiлi гэтага, бо за iмi даводзiцца прыбiраць. Усё гэтае смецце трапляе на пляскатую вяршыню гары на даляглядзе.

     Гэта не адзiная такая гара. Iх вельмi шмат, а людзей, якiя бачаць iх кожны дзень, яшчэ больш. Усе бачаць гэтую праблему. Але не ўсе лiчаць, што яе трэба або можна вырашыць. Але зусiм не абавязкова адразу рабiць вялiкiя справы. Можна пачынаць з самага звычайнага i простага.

Калiноўская Алена Аляксееўна, 7 «Д» клас

    Шчасце жыць у мірнай краіне

 

    Сваё сачыненне хачу пачаць з самых важных слоў: «Ніхто не забыты –нішто не забыта!» У дзяцiнтве я не разумела сэнсу гэтых слоў, але зараз адчуваю iх усiм сэрцам.

    На шчасце, мы жывем у мiрнай краiне,  маем магчымасць хадзіць па роднай зямлі з высока ўзнятай галавой, з пачуццём гонару за сваю Радзіму. Зямля, паветра, вада і мірнае неба над галавой – усё гэта для нас адстаялі нашы дзяды і прадзеды.

  Калі на нашу краіну напала фашысцкая Германія, увесь народ падняўся супраць ворага. Гэтая страшная вайна не абышла бокам ні адзін дом, не пашкадавала  ніводнай сям’і, адгукнулася цяжарам у свядомасці кожнага чалавека нашай краiны.

   Калі спытаць у тых, хто перажыў вайну: «Што самае страшнае ў жыцці?», адказ не прымусіць доўга чакаць. Самае страшнае, што можа быць на свеце – гэта вайна. Калi страх пранізвае ўсё цела, а думкі толькі аб тым, каб выжыць, калi імгненна забываецца ўсё добрае, што было і ёсць у жыцці. Калі кулі свішчуць над галавой, зямлёй засыпае жывых людзей, якія хаваюцца ў акопах і зямлянках, а шум бомбаў і стрэлаў чуваць нават ноччу, пазбаўляючы спакою і сну. Калі галасы загінуўшых гучаць у галаве і не даюць заснуць – вось што азначае вайна.

    Самае страшнае, што можа стварыць чалавек – гэта развязаць вайну. У гэтай крывавай бойні гінуць мільёны не вінаватых людзей, сотні тысяч застаюцца параненымі і калекамі на ўсё астатняе жыццё. І ўсе ,без выключэння, праклінаюць таго, хто задумаў гэтую місію, якая нясе толькі разбурэнне, толькі хаос. Часта вайной называюць міратворчыя аперацыі, але, у любым выпадку, ад назвы не змяняецца сама сутнасць ваенных дзеянняў.  Вайна пакідае маці без сыноў, дзяцей без бацькоў, жонак без мужоў. Вайна і смерць – паняцці роўныя па сэнсу. Яны ходзяць побач, не пакідаючы шансаў на выратаванне жывым.

     Кажуць, у вайне няма пераможцы, і гэта –  шчырая праўда. Ніхто не можа перамагчы цаной мільёнаў бязвінных ахвяр. Гэтая цана занадта вялікая і бессэнсоўная. Але, на жаль, людзі вельмі зайздросныя і імкнуцца да нажывы. Багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць у сваю чаргу, вайна – гэта спосаб пазбавіцца ад лішніх насельнікаў Зямлі. Гэта жорсткі спосаб сцерці з твару планеты тых, хто не падыходзіць пад рамкі захопнікаў. Самым яркім прыкладам з’яўляецца Другая сусветная война – самая крывавая, жорсткая вайна за ўвесь час існавання чалавецтва. Налічваецца каля 40 мільёнаў чалавек, якiя загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сама назва «Айчынная вайна» кажа сама за сябе, таму што гэтая вайна была яркім ідэалагічным

прыкладам змагання за Радзіму.

      Мільёны гінулі за родны край  для таго, каб жылі іх нашчадкі. Жылі ў міры і радасці. Хай нават  за кошт іх уласнага жыцця.

 

Пройдзе час, адгрукаюць гарматы,
Змоўкнуць стрэлы,
Знікнуць хмары дыму,
Сабяромся мы да роднай хаты
I спытае ў кожнага радзіма:
— Па якіх шляхах дамоў вярнуўся?
Чым памог ты маці-Беларусі?
На шырокі выйшаўшы гасцінец,
Зніме шапку пыльны пехацінец:
—Я люблю цябе душой гарачай.
Да цябе сляды крывёй азначыў…

 

    У сваiм вершы «Сыны» Пятрусь Броўка вельмi дасканала апiсаў кошт нашага мiрнага неба над галавой:  «…да цябе сляды крывёй азначыў».

       Але ж, нягледзячы на ​​ўсе смерці, гора і страты, чалавецтва так і не навучылася цаніць мір, які дастаецца велізарнымі стратамі сярод  мірнага насельніцтва.

       Сотні тысяч дзяцей губляюць бацькоў, мільёны застаюцца без даху над галавой. Але ўсё роўна чалавецтва працягвае ваяваць, нягледзячы ні на што. Забываючыся  аб тым, што самае галоўнае – гэта мірнае неба над галавой, дзеля якога і ідуць у бой на смерць нашы салдаты, абараняючы сваю Радзіму і дом.

    Стварыць мір на зямлі і падзяліць тэрыторыю планеты можна толькi пры дапамозе дыпламатыі і дэмакратыі, і вельмі шкада, што ў 2014 годзе практычна ўвесь свет захліснула варожасць і прага ўлады. Усе людзі,  якія жывуць на планеце, хочуць жыць , развівацца , назіраць , як растуць наступныя пакаленні, і ніхто не хоча бачыць жахі вайны.

      Я ніколі не забуду вочы хлопчыка, бежанца з Украіны, які ненадоўга апынуўся ў нашай школе. Яму, як і мне, 16 гадоў. Здавалася б, паміж намі шмат агульнага: мы прадстаўнікі брацкіх народаў, аднаго ўзросту, вучымся ў адной школе. Але, паміж намі бездань. Я сутыкнулася з ім поглядам у сталовай і міжволі расплакалася. У яго, ужо такіх не па ўзросту дарослых вачах, бяздонных, з застылымі слязьмі, адлюстраваны ўвесь жах вайны. Нам усім было дакладна вядома, што ён уцёк з мамай прама са склепа, дзе хаваўся ад бамбёжак. У яго вачах чыталася зусім простая мара: каб толькi не было вайны. Гэта адчувалася ў кожным яго слове і позірку. Я таксама баюся вайны, але бездань паміж намі, таму што ў вочы яе, на шчасце, не бачыла. Я ўсяго толькі магу прадстаўляць тое, што гэты хлопец ужо адчувае. Мне так хацелася яму хоць чым-небудзь дапамагчы. Ад усведамлення ўласнай бездапаможнасці я змагла толькі расплакацца наўзрыд. Нішто і ніхто не зможа яму дапамагчы забыць вайну, якая ўжо скрала ў яго юнацтва.

    А колькі дзіцячых жыццяў выносяць крыважэрныя войны, якія ахапілі  сёння ўсю планету. Жах выклікае штодзённая статыстыка з розных канцоў планеты. Так і хочацца спытаць усіх палітыкаў, рукі якіх даўно ў крыві: «Калі вы скончыце ўзважваць свае геапалітычныя інтарэсы жыццямі людзей?»  Збянтэжанасць выклікаюць кадры загінуўшых людзей, а ў асаблівасці дзетак, якія яшчэ і жыцця  не паспелі спазнаць.

  Мае бацькі заўсёды сочаць за падзеямі на Украіне, у Сірыі і іншых краінах, ахінутых вайной, за падзеямі ў еўрапейскіх краінах, якія захліснулі мігранты. Я таксама жыву гэтымі навінамі. Безумоўна, не магу з-за ўзросту і адукацыі разбірацца ў палітычных тонкасцях, але ж на паверхні галоўнае пытанне: чаму еўрапейскія краіны, якія называюць сябе дэмакратычнымі, не працягнуць па-сапраўднаму дружалюбную руку дапамогі сірыйскаму народу. На мой погляд, найперш важна дапамагчы спыніць вайну, тады і не будуць людзі бегчы куды вочы глядзяць. Але ж палітыкі гуляюць у свае шахматы, а людзі ў гэтай гульні ўсяго толькі пешкі. Самае сумнае, што так было заўсёды і так будзе.

    Я па-сапраўднаму шчаслівая, што жыву ў мірнай краіне. А мірная яна не толькі таму, што народ беларускі лічыцца талерантным і бесканфліктным.    Я лiчу, што i ў нас хапае людзей, гатовых да любога «майдану». Але ж дабрабыт і камфорт у хаце заўсёды залежаць ад гаспадара. Толькі, дзякуючы мірнай палітыцы нашага прэзідэнта, у Беларусi няма ніякай вайны. Яна палае ў нашых суседзяў, а на нашай зямлі падпісваюцца выключна мірныя дамовы. Таму i шчасце жыць у такой мiрнай краiне, у лексiконе якой i слова такога няма як вайна.

   Але, на жаль, не для ўсiх мiр – гэта асноўнае шчасце ў жыццi. Чалавек нараджаецца і памірае. У параўнанні з вечнасцю, чалавечае жыццё –пылінка ў бясконцай прасторы космасу. Але жыццё на Зямлі калісьці зарадзілася і працягваецца. І на працягу тысячагоддзяў кожны чалавек сам вырашаў для сябе, што такое шчасце.

   У старажытнасці найвялікшым шчасцем лiчылася быць добрым ваяром, адважна біцца з ворагам і памерці на полі бою. Яшчэ адно найстаражытнае паняцце пра шчасце – багацце. Быць багатым – значыць быць шчаслівым. Шлях да багацця часта ляжаў праз заняволенне іншых народаў ці захоп улады ў сваёй дзяржаве. Гэта суправаджала войны на працягу ўсёй гісторыі  чалавецтва. Перамога ў вайне азначала шчасце.

     І ў наш час ёсць нямала людзей з такімі ж паняццямі пра шчасце. Але значна больш тых, хто адмаўляе вайну як сродак дасягнення сваіх мэтаў.

     Я думаю, што шчасце – гэта мірнае неба над галавой, калі не трэба баяцца выбухаў і стрэлаў, калі можна спакойна вучыцца і працаваць.

  Ёсць шмат людзей, для  якiх багацце і ўлада не з’яўляюцца найвялікшымі каштоўнасцямі жыцця. Самае галоўнае для іх – мець цікавую працу, кахаць і быць каханымі. На мой погляд, у гэтым і заключаецца шчасце. І зусім неабавязкова валодаць мільёнамі і загадваць людзьмі, бо грошы і ўлада –самыя непастаянныя прыкметы шчаслівага жыцця. Гэта даказвае ўся гісторыя чалавецтва. Сёння можна быць багатым і знаходзіцца на вяршыні славы, а заўтра апынуцца без грошай у кішэні і ўсімі забытым. Нездарма народная мудрасць кажа: «Ад торбы ды ад турмы не заракайся». Я думаю, галоўнае не ўлада, а павага людзей.

  А яшчэ шчасце – гэта цікава жыць, жыць з упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Жыць у мірнай краіне – вось сапраўднае шчасце для ўсіх жыхароў. Гэта бясплатнае задавальненне жыць там, дзе мір і радасць, ніякіх канфліктаў і спрэчак.

    З майго пункту гледжання, усё што адбываецца ў свеце – войны, канфлікты – гэта толькі спосаб самасцвердзіцца за кошт пакут іншых. Не выпадкова гавораць: «Вайна нясе мільёнам смерць і росквіт мільянерам».

   Так быць не павінна. Для таго каб жыць у мірнай краіне, трэба нешта мяняць, але ў першую чаргу самога сябе. Трэба самому стаць мірным і спагадлівым, добрым і вясёлым чалавекам. Менавіта такімі людзьмі і будуюцца мірныя краіны, якія не канфліктуюць ні з кім.

     З гонарам магу назваць сваю краіну – мірнай, бо так яно і ёсць. І я шчаслівая жыць у такой краіне, бо кожны дзень прыносіць толькi радасць і задавальненне. Я вельмі спачуваю людзям, якія жывуць у краінах, дзе ідзе вайна,  дзе адбываюцца тэракты. Усім сэрцам веру, што хутка і ў іх настане мір.

     Шчасце жыць у мірнай краіне – гэта адсутнасць страху за сябе і сваіх блізкіх, упэўненасць у тым, што з імі не адбудзецца нічога дрэннага.

   Дай Бог, каб нiхто з нас не ведаў, як свішча баявая куля, як разрываецца граната, як стогне ад болю салдат.

       Гэта вялікае шчасце - жыць у мірнай краіне.

       Я мару аб тым, што аднойчы мір запануе ва ўсім свеце ...

Цімошына Настасся Паўлаўна 11 "А" клас

bottom of page