top of page

ТОП-15 анлайн-тэстаў па-беларуску

Часам усе мы любім праверыць свае веды або характар на адпаведнасць ідэалам: хай гэта будзе абазнанасць у той ці іншай навуцы, тып тэмпераменту ці ўзровень IQ. Таму гэты матэрыял будзе прысвечаны беларускамоўным тэстам, якія можна прайсці онлайн бясплатна і адразу атрымаць вынік.

Інтэрактыўныя гульні па беларускай мове і літаратуры

 

Блог настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Мігаль – гэта цэлая скарбніца тэстаў на замацаванне і аднаўленне ведаў па мове: правапіс складаных прыметнікаў, мяккага знака і апострафа, суфікса -ск-, скланенне назоўнікаў, разрады лічэбнікаў, зваротныя дзеясловы, асыміляцыя і падаўжэнне зычных, дзеепрыслоўі і дзеепрыметнікі, фразеалагізмы – на ўсе тэмы, якія цяжка даюцца вучням, у спадарыні Алены падрыхтаваны тэст альбо гульня.

Па літаратуры таксама ёсць цікавыя тэставанкі: пазнаць пісьменніка па партрэце, размясціць радкі верша ў патрэбнай паслядоўнасці, супаставіць аўтараў з іх творамі ці крылатымі фразамі, суаднесці імёны і псеўданімы пісьменнікаў, расставіць факты біяграфіі ў храналагічным парадку.

Але тэмы для тэстаў часта сягаюць за межы праграмы: напрыклад, заданні на супастаўленне гарадоў і гербаў Берасцейскай вобласці, аднаўленне тэксту каляднай песні альбо карцінкі-пазлы з помнікам Скарыну, краснасельскімі кар'ерамі ці гомельскім палацам. У цэлым на сайце ўжо каля 200 тэстаў, створаных пры дапамозе гатовых праграмных шаблонаў. Іх могуць браць на ўзбраенне іншыя настаўнікі і бацькі, якія хочуць дапамагчы дзецям у авалодванні беларускай мовай і літаратурай.

Забавы на prajdzisvet.org

 

Багатую падборку онлайн-тэстаў на культурную і калялітаратурную тэматыку можна знайсці на сайце інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». На сённяшні дзень тут змешчана 16 рознабаковых тэстаў: ад віктарын і кінаквізаў да крыжаванак і тэстаў на IQ.

Перакладчыкі прапануюць усім пратэставацца на веданне беларускіх фразеалягізмаў і безэквівалентнае лексікі, партрэтаў пісьменніц і экранізацыяў. Тут можна пагуляць у «веру – ня веру» альбо прайсьці вербальны тэст Айзэнка па-беларуску.

Тэставанкі выяўляюць узровень валодання мовамі ці культуралагічнымі ведамі. Некаторыя з іх правяраюць логіку, эрудыцыю ці, урэшце, інтуіцыю. Пасля кожнага тэсту можна атрымаць свой вынік і паглядзець правільныя адказы, а таксама скапіраваць код, каб уставіць у блог.

 

Тэст-гульня «Рэч Паспалітая»

 

Гэта цудоўна зробленая віктарына па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ад іх заснавання да падзелаў Рэчы Паспалітай. Гульня прываблівае карцінкай і ўсімі належнымі атрыбутамі кампутарных гульняў: у фоне грае народная музыка, за правільны адказ табе ў кішэню сыплюцца талеры, гадзіннік «Сонца маладзіковае» адмярае час на кожнае пытанне, а за пройдзены ўзровень гулец атрымлівае нешта з вопраткі ці аксэсуараў шляхціца: бачмагі, кунтуш, жупан, шаблю, каня, маёнтак і, урэшце, дыплём аб наданні шляхецтва.

Пытанні сфармуляваныя так, што нават невялікі знаўца падзеяў і датаў можа прайсці гульню да канца і атрымаць свой рэйтынг. А ўжо пра адукацыйны складнік няма чаго і казаць: удзельнікі падчас гульні ня толькі аднаўляюць гістарычныя веды, але і вывучаюць калярытныя гістарызмы, характэрныя для эпохі Рэчы Паспалітай, а таксама выхоўваюць у сабе шляхецкі гонар.

Тэст ад «Усіх Беларусаў»

 

Гэта тэст з карцінкамі, які пазыцыянуецца як аснова базавых ведаў кожнага беларуса. Складаецца ён з 15 пытанняў пра пяць вядомых беларускіх гістарычных асобаў, пяць калядных пэрсанажаў-сымбаляў і пяць гістарычных каштоўнасцяў.

Вядома, тэст правярае абазнанасць толькі ў дзвюх сфэрах – гісторыі і фальклёры, і па яго выніках ня варта меркаваць, хто сапраўдны беларус, а хто не (хаця б праз моўныя памылкі ў вэрдыкце).

Тэсты па гісторыі беларускай літаратуры

 

Калі ўжо вядзецца пра школьную праграму, то варта згадаць і тэсты па гісторыі беларускай літаратуры для 9-кляснікаў настаўніцы Наталлі Казелы з гарадзенскай сярэдняй школы № 39. Трэба адзначыць, што на старонцы з тэстамі па літаратуры ад сярэднявечча да пачатку ХХ стагоддзя змяшчаецца ня толькі праграма, але і ўсе тэксты ў электронным фармаце. Гэта вельмі актуальна для сучасных школьнікаў, якім нашмат лягчэй спампаваць твор, чым ісці па яго ў бібліятэку.

Самі тэсты лаканічныя (па 20 пытанняў на кожны пэрыяд), час не абмежаваны, пасля кожнага адказу на пытанне становіцца вядома, як ты на яго адказаў, пра што паведамляе адпаведны смайлік. 

 

Іншыя беларускамоўныя тэсты з пляцоўкі learningapps.org

Можна праверыць сябе ці сваіх дзетак на веданне фразеалагізмаўпаганскіх багоўпомнікаў Віцебску і ўсёй Беларусілітаратурных тэрмінаўбеларускіх імёнаў і тэматычных групаў лексікі (мэблявопраткахатнія жывёлыкветкіежа ды інш.). Сустракаюцца тут і працы вучняў, якія складаюць тэставанкі ў якасці хатняга задання. Напрыклад, такіх шмат у блогу 2 класы свіслацкай гімназіі №1.

Ёсць тут тэсты і для дашкалятаў. Пэдагог Галіна Чахрач склала сэрыю флэш-гульняў для дзетак, якія вучацца чытаць і спазнаюць сьвет. Дзецям прапануецца прачытаць словы і злучыць іх з прадметамі, якія яны абазначаюць, падабраць адпаведнае слова да карцінкі, размеркаваць словы ў залежнасці ад месца націску ці колькасьці складоў.

 

Тэсты ад «Мова нанова»

 

На сайце моўных курсаў «Мова нанова» ўжо падабралася цэлая серыя матэрыялаў для самакантролю ведаў. Гэта і тэсты па моўных ведах, і загадкі, і пытанні па гісторыі Беларусі.

Віктарыны на Радыё Свабода

 

Дзеля аб’ектыўнасьці нельга не згадаць віктарыны і тэсты, якія часам зьяўляюцца на Радыё Свабода. На сайце дзейнічаюць тэставанкі на веданне асноваў хрысціянстваісламу і юдаізму. Яшчэ дзве прысвечаныя жыццю і творчасьці Васіля Быкава і Ўладзіміра Арлова. 

Апрача таго, на сайце сустрэліся тэсты на інтэрнэт-залежнасць і на тое, наколькі вы эмацыйны ядок.

 

Флэш-гульні «Вучымся чытаць па-беларуску»

 

На форуме «Нашы дзеткі» размешчаная падборка заданняў на вывучэнне літар і складоў, а таксама на чытаньне простых словаў і атаясамліванне іх з карцінкамі. Такія гульні вельмі патрэбныя, каб было каму потым праходзіць тэсты, пералічаныя вышэй.

bottom of page