
Казка - у жыцці падказка!
Сапраўднае сяброўства
Жыў-быў калісьці маленькі павучок. Ён быў зусім адзін і вельмі гараваў, што ў яго няма сяброў.
Аднойчы ён вырашыў выправіцца на пошукі сяброў. Была вясна, сонейка прыгравала, на траўцы блішчала раса. Паўзе павучок і бачыць, як над зялёным лугам лётаюць два матылькі. Адзін белы, а другі – чырвоны. Убачылі яны павучка і спыталі:

– Ты чаму такі сумны?
– Таму што ў мяне няма сяброў, – ледзь не плачучы, адказаў павучок.
– Матылькі не могуць сябраваць з павучкамі, таму што яны, павучкі, не ўмеюць лётаць, – упэўнена і ганарліва сказаў белы матылёк.
– Не сумуй, павучок, давай сябраваць са мной, – знянацку вымавіў чырвоны матылёк.
Павучок вельмі ўзрадваўся і пагадзіўся.
З тых часоў яны сталі сябрамі і разам лёталі над лугам. Матылёк на крыльцах, а павучок – на паветраным шары з павуціння.
Арцюкевіч Ангеліна 5 “Е” клас
Чужое багацце
На адным прыгожым лузе, дзе цвілі духмяныя рамонкі і дзьмухаўцы, жыло маленькае мышаня. У яго была ўтульная норка, цёплы ложак. Яно было працавітае і ніколі не сядзела на месцы. Галоўным яго багаццем была каморка, у якой знаходзілася шмат розных прыпасаў.

А на суседнім лузе жыў пацук. І такі ён быў гультай, што нават не меў сваёй норкі. Толькі шукаў лёгкай спажывы. Аднойчы дазнаўся пацук пра цудоўную каморку мышаня. І вырашыў знішчыць яго прыпасы. Калі пачало змяркацца, пацук выйшаў на сваё злачынства. А ў гэты момант сава ляцела на паляванне, убачыла злодзея і падхапіла яго, пацук і не паспеў апамятацца.
Нездарма кажуць: “На чужы каравай рот не разяўляй”.
Касоўская Аліна 5 “Е” клас